УДА́РНАЯ ХВА́ЛЯ,

вузкая пераходная зона рэзкага павелічэння ціску, т-ры, шчыльнасці і скорасці, што рухаецца адносна няўзбуранага асяроддзя са звышгукавой скорасцю. Узнікае пры выбухах, звышгукавых рухах цел, магутных эл. разрадах, у фокусе лазернага праменя і інш.; у лабараторных умовах атрымліваюць у спец. ударных трубах. У.х. — гэта ўся маса рэчыва, сціснутая і прыведзеная ў рух; паверхня, што аддзяляе У.х. ад няўзбуранага асяроддзя, наз. фронтам У.х. Заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання У.х. вывучаюць гідрадынаміка і газавая дынаміка.

Параметры рэчыва па абодва бакі У.х. звязаны законамі захавання патокаў масы, імпульсу і энергіі. Гэтыя законы разам з ураўненнем стану рэчыва вызначаюць значэнні ўсіх параметраў як функцый аднаго з іх, напр., ціску ці скорасці. Шырыня У.х. вызначаецца часам рэлаксацыі працэсаў паглынання і рассеяння энергіі і імпульсу. У.х. карыстаюцца ў фізіцы, хіміі, тэхніцы для вывучэння стану і ператварэння рэчываў пры высокіх т-рах і цісках, ажыццяўлення фазавых пераходаў (напр., пры атрыманні тэхн. алмазаў з графіту), змены ходу хім. рэакцый і інш.

Літ.:

Великович А.Л., Либерман М.А. Физика ударных волн в газах и плазме. М., 1987;

Кузнецов Н.М. Устойчивость ударных волн // Успехи физ. наук. 1989. Т 159, №3;

Аврорин Е.Н. и др. Мощные ударные волны и экстремальные состояния вещества // Там жа. 1993. Т. 163, №5.

Г.​С.​Раманаў.

Ударная хваля паветранага ядзернага выбуху: 1 — зона разрэджання; 2 — зона сціскання; 3 — фронт ударнай хвалі; 4 — рух часцінак паветра; 5 — графік змены ціску паветра.

т. 16, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)